Дзмітрый Рафалёнак — прыклад сучаснай моладзі
Гадзіны ляцяць, растуць дзеці, сустракаюцца новыя людзі з іншымі поглядамі на жыццё, з незвычайнымі марамі і каштоўнасцямі. Верыце ці не, а мне вельмі цікава знаць, што ў сучаснай моладзі стаіць на першым месцы: сябры, грошы, сям’я, кар’ера ці нешта іншае? Даведацца аб гэтым цяжка, бо кожны чалавек думае па-свойму, а грэбсці пад адзін грабянец усіх — няправільна.
Безумоўна, усе людзі мараць пра шчасце. Але для кожнага яно — нешта сваё. Я была рада сустрэць чалавека, для якога радасць — гэта не высокая зарплата ці паспяховая кар’ера, а неабходнасць у сваёй справе.
Выхадзец Бабруйскага раёна, Дзмітрый Рафалёнак, працуе вадзіцелем у Бабруйскім ТАА «Аграмашсервіс». Зараз вы можаце падумаць: “Ну а што тут асаблівага?”. Адказаць на гэта будзе лягчэй, чым вы лічыце, бо чалавек уносіць вялікі ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі. Ен ужо шосты сезон удзельнічае ва ўборачных работах і праца яго, між іншым, вельмі складаная і напружаная. Нягледзячы на свой невялікі працоўны стаж, хлопец не раз удастойваўся ўзнагарод і заахвочванняў за свае поспехі ў працы. А ўсё таму, што Дзмітрый добрасумленна і адказна адносіцца да сваёй справы. Гэта чалавек, якім можна ганарыцца і смела ставіць яго ў прыклад усім тым, хто заяўляе, што ўся моладзь сапсавана і думае толькі пра свае інтарэсы.
Дзед Дзімы, які калісьці таксама працаваў вадзіцелем у гэтай жа гаспадарцы, прывіў хлопчыку павагу да працы і любоў да роднай зямлі. Напэўна таму ён аддаў сябе гэтай справе. Дзякуючы старанням дзядулі, Дзмітрый добра ладзіць з тэхнікай і не адстае ад больш вопытных таварышаў.
Ужо не першы год запар ён — у ліку лепшых працаўнікоў сельскай вытворчасці. За час прыбіральнай кампаніі цяперашняга года, напрыклад, Дзіма выйшаў у раённым спаборніцтве на другое месца сярод вадзіцелей раёна. Ен перавёз аж 4179 т збожжа!
Акрамя гэтага Дзмітрый цягнецца да ведаў, імкнецца ўдасканальваць сябе. Развіццё — гэта менавіта тое, што неабходна кожнаму з нас. Спасцігаючы штосьці новае ці проста развіваючы тыя навыкі, якія ўжо ў нас ёсць, мы забяспечваем лепшы ўзровень жыцця не толькі для сябе, але і для іншых людзей сваёй роднай краіны. Хлопец ужо скончыў Бабруйскі аўтатэхнікум, дзе вучыўся на факультэце “Тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў”, а цяпер вучыцца на апошнім курсе БАТУ і хутка стане дыпламаваным інжынерам-механікам.
Дзмітрый верыць, што выбраў верную дарогу, якая дазваляе яму ўносіць вялікі ўклад у гаспадарку нашага раёна. А я згаджаюся з тым, што не перавялася яшчэ такая моладзь, здольная павесці за сабой народ, укласці ўсю сваю душу ў агульную справу і зрабіць усё для таго, каб намаганні не заставаліся дарэмнымі.
Алена МЯДЗВЕДЗЕВА,
юнкар гуртка “Узлёт”.