Пара масавай корманарыхтоўкі
Робячы справаздачу аб стане сельскагаспадарчых работ, у прыватнасці раслінаводства, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Валерый Сяргейчык адзначыў, што на пачатак тыдня глебы ў раёне было падрыхтавана больш за 80 працэнтаў ад плану, пасеяна 75 працэнтаў ярыны. Пасадку бульбы не завяршылі ў СВК “Калгас імя Дзяржынскага” і Бабруйскім ААТ “Аграмашсервіс”, яравы рапс застаецца непасеяным у ААТ «Агракамбінат «Бабруйскі». Вядзецца сяўба кукурузы. Што да грэчкі, то з 357 га на пачатак тыдня было пасеяна ўсяго 45 га (СВК “Гігант”), іншыя, хто плануе: БТАА “Амега-Люкс”, Бабруйскае ААТ “Аграмашсервіс” і ААТ “Агракамбінат “Бабруйскі” — пакуль не прыступалі.
Што да нарыхтоўкі травяністага корму, то, як было адзначана, пастаўлена задача на гэтым тыдні да дадзенай кампаніі прыступіць масава. Пры гэтым у СВК “Калгас імя Дзяржынскага” і ААТ “Саўгас Кісялевічы” касіць траву на корм ужо пачалі.
Востра стаяла пытанне вытворчасці малака ў раёне. Надоі ў апошні дзень тыдня, у параўнанні да мінулага года, у цэлым па раёне не зніжаны (100 працэнтаў), аднак не адзначана і іх росту. Нягледзячы на тое, што большасць гаспадарак, у параўнанні да папярэдняга дня, павялічылі продаж малака дзяржаве, у цэлым па раёне яго рэалізацыя зніжана.
Алена КАРПЕНКА.