Быць эканомным і беражлівым — задача кожнага
24 чэрвеня ў райвыканкаме працавала чарговая, 8-я сесія раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання. Разам з дэпутатамі, удзел у яе рабоце прынялі старшыня райвыканкама Міхаіл Шалкоўскі, старшыні сельскіх і Глушанскага пасялковага Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна, прадстаўнікі пракуратуры, РАУС, СМІ. Узначаліў работу сесіі старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Баркоўскі.
Усяго на абмеркаванне дэпутатаў выносілася 10 пытанняў, з іх асноўныя: “Аб ходзе выканання ў раёне Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі” (дакладчык: намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кісель) і “Аб стане аховы працы і вытворчага траўматызму і мерах, якія прадпрымаюцца ў раёне па папярэджанні гібелі і траўматызму на вытворчасці, згодна з патрабаваннем Дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” (дакладчык: загадчыца сектара цэнтра занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Цагельнік).
Выступаючы ў спрэчках па першым пытанні, дэпутаты, кожны са свайго боку, дзяліліся напрацоўкамі адносна таго, як на тэрыторыях іх акруг, прадпрыемстваў, дзе працуюць, удаецца эканоміць энергетычныя і іншыя віды рэсурсаў, эканомячы тым самым грашовыя сродкі арганізацый. У прыватнасці, у СВК “Калгас імя А. Неўскага”, як адзначыў намеснік старшыні сельгасарганізацыі, дэпутат райсавета дэпутатаў па Кавалёўскай выбарчай акрузе № 15 Міхаіл Стрыжэўскі, з гэтай мэтай вядзецца рэканструкцыя жывёлаводчых аб’ектаў: сістэмы электра і водазабеспячэння, асвятлення і гноеўдалення замяняюцца на сучасныя, больш эканамічныя. Адна з мер эканоміі рэсурсаў у гаспадарцы — самастойнае прыгатаванне камбікорму, які абыходзіцца значна танней за той, што даводзіцца набываць на камбінаце хлебапрадуктаў. Да таго ж, сёлета ў СВК прыступілі да будаўніцтва новага бульбасховішча, што дасць магчымасць нашмат лепей зберагаць прадукцыю. У Бабруйскім райспажыўтаварыстве, па словах намесніка старшыні Юліі Худзяковай-Хурсан, дзякуючы выкананым па эканоміі і беражлівасці мерапрыемствам, усяго за перыяд са студзеня па май сёлетняга года, з улікам папярэдняга года, пры заданні на 2011 год 50 тон умоўнага паліва эканомія цеплаэнергарэсурсаў склала 20,8 т.у.п. на суму 90,4 млн. рублёў. Аб мерах, якія ўжо прадпрыняты і якія намечаны на гэты год, па эканоміі рэсурсаў распавёў таксама дырэктар УКП “Жылкамунгас” Аляксандр Вербінаў. Праўда, з тым фактам, што ў планах прадпрыемства — скараціць колькасць палігонаў, якія занадта дорага абыходзяцца жылкамунгасу, асобныя дэпутаты не пагадзіліся. Старшыня Гарохаўскага сельсавета Галіна Прыгара выказала думку, што такая мера можа справакаваць рост несанкцыянаваных звалак, чаго дапускаць ні ў якім разе нельга. Як выйсце, было прапанавана адпрацаваць дадзенае пытанне на тэрыторыі аднаго з сельсаветаў, і толькі пасля станоўчага выніку: эканамічнага эфекту і адсутнасці ўсялякіх праблем, укараніць такую меру на іншых тэрыторыях. Прагучала ў адрас камунальшчыкаў і яшчэ адно нараканне. Апошнія, па словах старшыні СВК “Гігант” Міхаіла Левакова, неапраўдана доўга выконваюць рамонтныя работы, нават нязначныя, што, у сваю чаргу, прыводзіць да нязручнасцей і матэрыяльных страт. Кіраўніку жылкамунгаса было ўказана адрэагаваць на заўвагу, якую падтрымалі і іншыя ўдзельнікі сесіі. Удзел у спрэчках па пытаннях эканоміі і беражлівасці прынялі таксама старшыня Глушанскага пасялковага Савета Марыя Сушчанка, галоўны інжынер Бабруйскага раёна электрасетак Дзмітрый Кошалеў, дырэктар Бабруйскага ПМК-243 Юрый Гарбуленка. Трымаючы слова перад дэпутатамі, Міхаіл Шалкоўскі адзначыў, што з пачатку дзеяння Дырэктывы ў раёне, у часці эканоміі і беражлівасці, зроблена сапраўды нямала, аднак спыняцца на дасягнутым ні ў якім разе нельга. Тыя ж самыя рэле часу, якія значна эканомяць электраэнергію, трэба ўстанаўліваць ва ўсіх населеных пунктах. І што асабліва важна — падкрэсліў кіраўнік раёна — да пытання эканоміі і беражлівасці не павінна быць абыякавых, дзяцей прывучаць да беражлівых адносін неабходна з маленства, і добра, што ў нашых навучальных установах гэта разумеюць. Што да дэпутатаў, то яны, па словах старшыні райвыканкама, павінны быць зачыншчыкамі ўсіх добрых спраў у гэтым плане. Леанід Баркоўскі выказаў прапанову актывізаваць работу па прапагандзе беражлівых адносін да рэсурсаў сярод сельскага насельніцтва праз СМІ, сходы з удзелам грамадскасці, дасягнуўшы таго, каб кожная сям’я ўносіла ўклад у выкананне Дырэктывы.
Заслухаўшы і абмеркаваўшы інфармацыю Вольгі Цагельнік аб стане аховы працы і вытворчага траўматызму і мерах па папярэджанні гібелі і траўматызму на вытворчасці, райсавет дэпутатаў адзначыў, што ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне праводзіцца немалая работа ў гэтым накірунку, пра што сведчаць і станоўчыя вынікі: за 5 месяцаў года няшчасных выпадкаў у раёне па віне наймальнікаў не зарэгістравана. Са станоўчага боку была адзначана работа службаў аховы працы ПМК-84 “Водбуд”, завода па пераапрацоўцы алейных культур, ДЛГУ «Бабруйскі лясгас», Каменскага дома-інтэрната, аддзелаў адукацыі і культуры райвыканкама. Між тым, сказаць, што ўсё ў гэтым плане гладка, па словах Вольгі Цагельнік, не даводзіцца. У шэрагу арганізацый: ААТ “Агракамбінат “Бабруйскі”, БТАА “Амега-Люкс”, ААТ “Саўгас “Кісялевічы”, СВК “Стасеўка”, СВК “Калгас імя А. Неўскага” несвоечасова ліквідуюцца недапрацоўкі, якія выяўляюцца мабільнай групай па ахове працы. Таму па рашэнні райсавета кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый ўсіх форм уласнасці даручана ўзмацніць кантроль за выкананнем працоўнай і вытворчай дысцыпліны; забяспечыць здароўе і бяспечныя ўмовы працы на кожным працоўным месцы; прадугледзець выдзяленне ў неабходных аб’ёмах фінансавых сродкаў для ажыццяўлення мерапрыемстваў па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў, паляпшэнню ўмоў і аховы працы.
Алена КАРПЕНКА.