Спецыялістаў ЖКГ будуць атэстоўваць
Заслухаўшы справаздачу начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Галіны Міргародскай аб праведзенай рабоце, Валерый Сяргейчык указаў на неабходнасць правесці вучобу з майстарамі УКП “Жылкамунгас”, у асаблівасці з тымі, хто працуе на сельскіх участках. “Майстары, якія працуюць з насельніцтвам, павінны быць дасведчанымі ва ўсіх пытаннях сваёй сферы, — адзначыў першы намеснік старшыні, — з тым, каб даць грамадзяніну, які звяртаецца, дакладны адказ — калі будзе знята тая ці іншая праблема, а не вымушаць чалавека шукаць дапамогі ў вышэйшых інстанцыях, у тым ліку і Адміністрацыі Прэзідэнта. Яны ж павінны клапаціцца і аб вырашэнні праблемных пытанняў на месцах”. Па словах Галіны Міргародскай, правядзенне атэстацыі — у планах работы аддзела. Было адзначана таксама, што скаргаў ад насельніцтва, звязаных з работай ЖКГ, апошнім часам стала меней.
Алена КАРПЕНКА.