У медыцыне — больш за 40 год
Веру Бандарчук, загадчыка Іванаўскім фельчарска-акушэрскім пунктам, у Іванаўцы і навакольных вёсках ведае кожны. Кожнага ведае і яна сама.
— А як жа інакш, — сціпла ўсміхаючыся, разважае жанчына, — пры мне тут нарадзілася не адно пакаленне. Як прыехала сюды, вяла патранаж дзяцей, цяпер — ужо іх дзяцей. Колішнія маладыя на маіх вачах састарыліся, хто быў пажылым, ужо няма. Жыццё не стаіць на месцы.
Сама Вера Аляксееўна родам з Гомельшчыны. Там прайшло яе дзяцінства, там выспела мара звязаць жыццё з медыцынай, працай нялёгкай, але высакароднай і гуманнай. Дзеля яе рэалізацыі скончыла Гомельскае медыцынскае вучылішча. На Бабруйшчыну, у Іванаўку, прыехала па размеркаванні, ды так і засталася на ўсё жыццё. Тут пазнаёмілася з будучым мужам Пятром Іванавічам: працавітым хлопцам, механізатарам, у далейшым — заслужаным працаўніком сельскай гаспадаркі. Тут нарадзіліся і выраслі дзеці: сын і дачка.Тут з чыстага ліста ў 1968 годзе пачалася яе працоўная дзейнасць, якой у сёлетнім красавіку споўніцца 43 гады.
Пра тое, наколькі старанна і адказна адносіцца Вера Аляксееўна да даручанай справы, самі за сябе гавораць факты. Па выніках работы за 2010 год, за паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, калектыў Іванаўскага ФАПа прызнаны пераможцам. І гэтага не ўпершыню, а дакладней — у чацвёрты раз.
На маё запытанне, што ляжыць у аснове такога поспеху, Вера Аляксееўна толькі ўсміхаецца:
— У нас выканалі добры рамонт і працаваць хочацца. Ды і санітарка, Галіна Сяргееўна Мазуронак, — працавітая і адказная, праяўляе сама і падтрымлівае любую станоўчую ініцыятыву. Працуем.
Да слова сказаць, Іванаўскі фельчарска-акушэрскі пункт абслугоўвае жыхароў трох населеных пунктаў: Іванаўкі, Дубровы і Койміна. На сённяшні дзень гэта 404 чалавекі, з якіх 50 — дзеці, двое — ва ўзросце да аднаго года.
— Прымаем тых, хто звяртаецца за дапамогай непасрэдна на ФАП, а таксама робім падворныя абходы, абследуем пажылых, якія самі прыйсці да нас не ў стане, ажыццяўляем патранаж дзяцей на даму. Работы шмат, але калі яна даспадобы, калі адчуваеш, што патрэбны людзям: у час дапамог, падказаў, параіў, то яна акрыляе, прыносіць радасць і імкненне зрабіць болей.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Дзмітрыя БЕГУНОВІЧА.