«Глушанскі хутарок»
Беларусь здаўна славілася шырынёй народных промыслаў і рамёстваў: ганчарствам, лазапляценнем, разьбой па дрэве, ткацтвам, вышыўкай і г.д. З развіццём эканомікі і пераходам ад ручной працы да машыннай народныя промыслы, вядома ж, адыйшлі на другі план, сталі заняткам зусім нязначнай часткі насельніцтва. Але, дзякуючы менавіта гэтым таленавітым, улюбёным у сваю справу людзям, у нас і сёння ёсць магчымасць любавацца хараством, іншым разам — сапраўднымі шэдэўрамі, якія з’яўляюць на свет народныя майстры і ўмельцы. А ў апошні час — і гэта прыкметна — цікавасць да народных промыслаў і рамёстваў, да заняткаў нашых дзядоў і прадзедаў стала праяўляцца асабліва. Пацверджанне таму хоць бы і тое, што ў кожным значным свяце, нават самага высокага маштабу, абавязкова прымаюць удзел народныя майстры.
Фестываль “Глушанскі хутарок”, які прайшоў у пасёлку Глуша ў гэтую сераду, — яшчэ адзін прыклад таго, што цікавасць да рамёстваў і промыслаў сярод беларусаў, і жыхароў Бабруйшчыны ў тым ліку, была і застаецца трывалай. Ініцыятарам правядзення мерапрыемства стаў Глушанскі пасялковы Савет дэпутатаў. Ідэя была падтрымана сумесным праектам Еўрапейскага Саюза і ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Як адзначыў прысутны на фэсце адзін з каардынатараў праекта, “ініцыятыва правядзення мерапрыемства нарадзілася не ў Еўрасаюзе, а тут, на гэтай зямлі, яе толькі падтрымалі, вылучыўшы на правядзенне невялікія грошы”. Было адзначана і тое, што “Глушанскі хутарок” — пакуль адзін з нямногіх праектаў у Магілёўскай вобласці, якія рэалізуюцца на мясцовым узроўні, але ёсць спадзяванне, што такіх добрых, цікавых ініцыятыў на Магілёўшчыне з цягам часу стане болей, як, да прыкладу, на Брэстчыне ці Гродзеншчыне.
Жывую цiкавасць выклiкала работа народнага
майстра Беларусi Юрыя Боўды
Нельга было мiнуць i Гарохаўскi падворак
Кіраўнік цэнтра музычнай творчасці імя У. Мулявіна Святлана Стацэнка
Прадстаўнiкi сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза
і ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”
Цікавую канцэртную праграму наладзілі артысты раённага Цэнтра культуры
З цікавай праграмай выступiлi госцi з Мінска
Фестываль быў мнагалюдным
Прыемна адзначыць, што першы фестываль промыслаў у Глушы, нягледзячы на не надта спрыяльнае надвор’е, быў надзвычай мнагалюдным, а навакольная першазданная глушанская прырода, аформленыя ў народным стылі сцэна, падворкі, палаткі для гандлю, адзенне ўдзельнікаў свята надавалі яму каларыт колішняй беларускай вёскі.
Былі на фэсце госці з Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якіх цікавіла, як на мясцовым узроўні рэалізуецца праграма развіцця народных промыслаў і рамёстваў. Ну а непасрэднымі ўдзельнікамі фэсту сталі жыхары Бабруйшчыны. Жывую цікавасць у прысутных выклікала работа народнага майстра Беларусі, нашага земляка Юрыя Боўды. Да спецыяльна змайстраванай печы, дзе Юрый Іванавіч абпальваў вырабы з гліны, было не падступіцца. А сам майстра не толькі з задавальненнем дзяліўся сакрэтамі сваёй справы, але і даваў рэкамендацыі, як правільна карыстацца гліняным посудам, каб ён доўга служыў гаспадару. Да прыкладу, перад тым, як пакласці ў такі посуд прадукты для варкі, знутры яго неабходна абавязкова змазаць тлустам або алеем. А яшчэ посуд з гліны не любіць адкрытага агню.
Упэўнена, ніхто з прысутных не абыйшоў работы глушанскіх рукадзельніц. Вышытыя крыжыкам карціны, дываны заварожвалі сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю.
Л.І. Каньшына, нягледзячы на свае болей за 70 год, з любімай справай не растаецца, хоць тая, як гаворыць яна, патрабуе добрых вачэй і спрытных рук і, канешне ж, часу, бо для таго, каб задумка ператварылася ў карціну, патрабуецца не меней за месяц. А вось у колькі грошай абыходзіцца такая прыгажосць, Ліма Іосіфаўна сказаць не ўзялася, матывуючы тым, што ніколі не падлічвала: справа падабаецца, а ніткі, вядома ж, каштуюць не танна. На вышываных карцінах Л.П. Рудзянковай пераважалі родныя краявіды, бо, як прызналася Любоў Пятроўна, яна вельмі любіць прыроду і жывёл, усё гэта і ўвасабляе ў свае палотны, якімі ў доме ўпрыгожаны ўсе сцены. Яны і добры падарунак родным.
Керамічнымі вазачкамі, сподачкамі — большымі і меншымі — быў застаўлены падворак юных удзельнікаў фестывалю — членаў дзіцячага гурта “Глечыкі”, кіруе якім Аляксандр Арлоў. Дарэчы, якім чынам посуд з’яўляецца на свет, можна было паназіраць тут жа, у майстэрні.
Вучань 10 класа Гарохаўскай школы Павел Прыгара марыць стаць урачом, але гэта ніколькі не мяшае яму займацца любімай сямейнай справай — пляценнем з лазы. Прычым, апошнюю, спецыяльна для фэсту, Павел нарыхтаваў сам. Між тым, як прызнаецца, да бацькавай парады заўжды прыслухоўваецца.
Свае працы па рукадзеллі, выкананыя ў розных жанрах, дэманстравала на свяце і вучаніца Осаўскага ВПК Крысціна Шавель, якая навучаецца гэтаму не толькі ад маці, але і ў школьным гуртку.
Якім смачным можа быць мёд, калі за пчоламі арганізаваны належны догляд, зразумелі ўсе, хто паспытаў на фестывалі лекавага прадукта глушанскага пчаляра А.Ю. Новікава.
І, вядома ж, які фэст — без музыкаў, трапнага слова і заліхвацкай песні! Усё гэта на свяце ў Глушы было. Цікавую канцэртную праграму для ўдзельнікаў і гасцей наладзілі работнікі раённага Цэнтра культуры, яго калектывы і самадзейныя артысты раёна. Падтрымаць добрую ініцыятыву глушанцаў на іх першы фестываль народных промыслаў і рамёстваў прыехалі і госці з Мінска: кіраўнік цэнтра музычнай творчасці імя У. Мулявіна Святлана Стацэнка і яго салісты, сярод якіх вядомы Андрэй Кунец. Нягледзячы на дождж, знакамітаму спеваку і яго сябрам гучна апладзіравала і падпявала ўся юная частка ўдзельнікаў свята.
Фэст скончыўся незадоўга да змяркання. Застаецца спадзявацца, што гэты добры пачын на глушанскай зямлі будзе мець і працяг.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Дзмітрыя БЕГУНОВіЧА і Людмiлы ПіСАРАВАЙ.