У райвыканкаме
На планёрцы ў райвыканкаме, якую на пачатку гэтага тыдня правёў першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валерый Сяргейчык, асаблівая ўвага надавалася пытанням летняга аздараўлення школьнікаў, падрыхтоўкі суб’ектаў гаспадарання да ацяпляльнага сезону, навядзення парадку на зямлі, стану злачыннасці на тэрыторыі раёна, а таксама падпіскі на рэспубліканскія, абласныя перыядычныя выданні, у тым ліку і “раёнку”.
Як паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Носава, у той час, як выпускнікі школ раёна здаюць экзамены, іншыя школьнікі бавяць час на летніх аздараўленчых пляцоўках або ў лагерах адпачынку з кругласутачным знаходжаннем. Так, з 3-га чэрвеня пачалася першая змена ў дзіцячым лагеры “Бабраня-2010”. Святлана Сяргееўна паведаміла таксама аб неабходнасці ўсім працоўным калектывам падпісацца на перыядычныя выданні на 2-е паўгоддзе. Завастраючы ўвагу на дадзеным пытанні, Валерый Сяргейчык асаблівы акцэнт зрабіў на газеце “Трыбуна працы”, якая найболей падрабязна знаёміць жыхароў раёна з навінамі Бабруйшчыны, дасягненнямі і праблемамі рэгіёна.
Абмяркоўваючы пытанне падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезону, было адзначана, што да 1 кастрычніка пашпарты гатоўнасці ўсімі суб’ектамі гаспадарання: як цеплакарыстальнікамі, так і цеплакрыніцамі, павінны быць атрыманы.
Аб тым, якія работы выкананы намаганнямі сельскіх саветаў па навядзенні парадку на зямлі, далажыў на планёрцы старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Баркоўскі. У прыватнасці ён адзначыў, што грамадзянам раёна было выдадзена 270 прадпісанняў, згодна якіх апошнія павінны навесці на падворках і калядваровых тэрыторыях чысціню і парадак. Было адрамантавана 400 метраў агароджы, яшчэ 300 заменены на новую. Пры садзеянні “Жылкамгаса” прыбраны аварыйныя дрэвы. Акрамя таго, пастаянна вядзецца абкоска населеных пунктаў і дарог.
Асобным пунктам абмеркавалі на планёрцы праблемныя пытанні, звязаныя з закупам малака ў насельніцтва. Па словах Леаніда Баркоўскага, у апошні час у шэрагу сельсаветаў малако было вернута з-за перавышэння ў ім паказчыка кіслотнасці. Былі выяўлены і несумленныя грамадзяне, якія здавалі кіслае малако і наносілі тым самым шкоду аднавяскоўцам.
Значная работа па навядзенні чысціні была праведзена на мінулым тыдні санітарнай службай раёна і горада. Праведзеныя яе прадстаўнікамі рэйдавыя праверкі ў вёсках Кавалі, Коўрын, Плёсы, Туркі і іншых выявілі шэраг несанкцыянаваных звалак. Інфармацыя аб сметніках накіравана ў сельскія саветы для прыняцця тэрміновых мер па іх ліквідацыі. Парушэнні санітарных норм, як адзначалася на планёрцы, былі выяўлены і ў некаторых магазінах Бабруйскага райспажыўтаварыства. Зноў жа накіраваны прадпісанні для іх ліквідацыі. Што тычыцца экалагічнай службы, то ёй, па словах Валерыя Сяргейчыка, неабходна прадпрымаць болей актыўныя крокі па навядзенні парадку ў раёне. Было ўказана і на значную ролю ў гэтым плане землеўпарадкавальнай службы, супрацоўнікам якой неабходна правесці належную работу, накіраваную на ўшчыльненне надзелаў, для таго каб незаселеныя і неапрацаваныя з іх перадаць восенню гаспадаркам.
Алена КАРПЕНКА.