Галоўныя пытанні планёркі
На планёрцы ў панядзелак, якую правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Шалкоўскі, размова, як звычайна, вялася аб напрацоўках мінулага тыдня і задачах на бягучы.
Асобным пунктам абмяркоўваліся справы сельскагаспадарчыя: ход палявых работ, дасягненні і недапрацоўкі ў галіне жывёлагадоўлі.
Робячы справаздачу па гэтых пытаннях, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Валерый Сяргейчык адзначыў, што нарыхтоўка кармоў вядзецца актыўнымі тэмпамі, на раніцу панядзелка траў першым укосам было скошана 57 працэнтаў ад плану. Актыўна ў гаспадарках вядзецца хімпраполка культур. Завяршаецца падрыхтоўка сельгастэхнікі да ўборкі рапсу. 33 камбайны са спецыяльнымі сталамі для ўборкі дадзенай культуры ўжо гатовы да выхаду ў поле. Між тым, даючы ацэнку палявым работам, Міхаіл Шалкоўскі ўказаў на неабходнасць паскорыць касьбу траў і да канца гэтага тыдня касавіцу завяршыць.
Значная ўвага была ўдзелена на планёрцы пытанням будаўніцтва ў раёне, дакладней, яго якасці. Кіраўнік раёна выказаў крытыку ў адрас будаўнічай арганізацыі ПМК-243: на ферме в. Пад’ясенка маецца шэраг недапрацовак, выпраўляць якія будаўнікі не спяшаюцца.
Закранаючы пытанне падрыхтоўкі суб’ектаў гаспадарання да ацяпляльнага сезону, разам з іншым было ўказана на неабходнасць прыводзіць у парадак мнагакватэрныя дамы ў населеных пунктах, стан якіх патрабуе рамонту.
Што тычыцца ўвогуле навядзення чысціні і парадку на зямлі, то тут звярталася ўвага, у першую чаргу, на абкоску дарог і тэрыторый населеных пунктаў, у тым ліку падворкаў грамадзян, ад пустазелля. Нягледзячы на прадпісанні санітарнай службы і прагандыстскую работу, якую праводзяць сельскія і пасялковы саветы, гаварыць аб тым, што ўсе вяскоўцы ўпарадкавалі свае домаўладанні, пакуль не даводзіцца. Між тым, намаганнямі сельскіх саветаў на мінулым тыдні прыведзены ў парадак некаторыя могілкі, прыбраны аварыйныя дрэвы, болей за 50 гектараў зямлі, якая працяглы час не апрацоўвалася, перададзена сельгаспрадпрыемствам для заворвання, на пастаянным кантролі — абкоска тэрыторый.
Алена КАРПЕНКА.