“Вучань года-2009”
У апошні дзень сакавіка ў актавай зале Цэнтра культуры і вольнага часу раёна прайшоў заключны этап раённага конкурсу “Вучань года-2009”. Нягледзячы на традыцыйнасць, конкурс не губляе папулярнасці і з кожным годам збірае ўсё большую аўдыторыю. Пабалець за фіналістаў — а іх сёлета было 6 — прыехалі не толькі сябры, але і настаўнікі, і бацькі.
Каб выйсці ў фінал, вучням, якія прынялі ўдзел у конкурсе, неабходна было зарэкамендаваць сябе з добрага боку ў двух папярэдніх турах: паказаць добрыя вынікі ў раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіядах, навукова-даследчых працах (1 тур) і праявіць свае здольнасці ў конкурсе даследчых работ, прысвечаных 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (2 тур). Калі ў 2-м туры прынялі ўдзел 13 школьнікаў, то да заключнага — трэцяга, паспяхова вытрымаўшы папярэднія выпрабаванні, дайшлі 6 вучняў: Шульжык Марына з Туголіцкай школы, Дайнэка Юля — з Бортнікаўскай, Счасновіч Жэня — з Варатынскай, Аляскерава Ірына — з Гарбацэвіцкай, а таксама Шалаеў Андрэй — з Туркоўскага ВПК “Дзіцячы сад-школа” і Барадзін Марыя — з Осаўскага.
На суд гледачоў і журы, у склад якога ўвайшлі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ф.М. Багдановіч, начальнік аддзела па справах моладзі Н.У. Смірнова, дырэктар Цэнтра пазашкольнай выхаваўчай работы з навучэнцамі раёна Н.А. Барысава, загадчык раённым вучэбна-метадычным кабінетам Н.У. Бакач і метадыст Т.У. Бокач, фіналісты прадставілі свае візітныя карткі, прынялі ўдзел у інтэлектуальным заданні і прадэманстравалі дамашняе: творчы конкурс, прысвечаны Году роднай зямлі. З замілаваннем і любоўю пра малую радзіму і сваю сям’ю распавяла Марына Шульжык. Ірына Аляскерава і Марыя Барадзін пазнаёмілі прысутных з паходжаннем назваў населеных пунктаў, дзе нарадзіліся, прадэманстравалі слайды з непаўторнымі краявідамі сваёй мясцовасці. Юля Дайнэка па матывах легенды пра паходжанне назвы вёскі Бортнікі стварыла мультыплікацыйны фільм. Цікавыя інсцэніроўкі прапанавалі гледачам Жэня Счасновіч і Андрэй Шалаеў.
Конкурс, як гэта звычайна бывае, праходзіў у напружанай і адначасова вясёлай атмасферы. Апошнюю задавалі жарты, якія гучалі са сцэны, і выступленні юных артыстаў, выхаванцаў Цэнтра пазашкольнай выхаваўчай работы.
Трэба сказаць, што барацьба за перамогу была ўпартай: усе без выключэння канкурсанты дэманстравалі шырокія веды і майстэрства трымацца на сцэне. Таму журы прыйшлося нялёгка. Між тым усе прыйшлі да згоды: прысудзіць пачэснае званне “Вучань года-2009” вучаніцы Туголіцкай СШ Марыне Шульжык. Прыз сімпатый гледачоў дастаўся Яўгеніі Счасновіч, а пераможцам дня прызнаны Андрэй Шалаеў.
Вяртаючыся да Марыны, адзначым, што яна вучыцца ў 11 штрых-класе, марыць атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць банкірам, а сваёй перамогай, лічыць, абавязана ўсім, хто побач: бацькам, сябрам і, вядома ж, настаўнікам.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Дмітрыя БЕГУНОВІЧА.