Справаздачу трымала Магілёўская вобласць
22 мая ў Палацы Рэспублікі г. Мінска прайшоў справаздачны канцэрт творчых калектываў Магілёўскай вобласці, прысвечаны 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Бабруйшчына на свяце была прадстаўлена шэрагам вакальных і харэаграфічных калектываў, сярод якіх і народны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Пярэзвы” раённага Цэнтра культуры. Праграма была пабудавана такім чынам, каб кожны з прысутных меў уяўленне аб творчых фестывалях — абласных і міжнародных, што праводзяцца ў Магілёўскай вобласці: “Сузор’е талентаў”, “Залатая пчолка”, “Вянок дужбы”, “Магутны Божа”, “Залаты шлягер”.
На справаздачным канцэрце ў сталіцы пабывала і дэлегацыя з нашага раёна, у склад якой увайшлі адказныя работнікі райвыканкама, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, перадавікі сельскагаспадарчай вытворчасці і іншых галін народнай гаспадаркі раёна. Узначаліў дэлегацыю старшыня Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта М.У. Шалкоўскі.
У гэты дзень на пляцоўцы перад Палацам Рэспублікі сваю прадукцыю прадстаўлялі вядучыя прадпрыемствы Магілёўскай вобласці. Асаблівым попытам у мінчан і гасцей горада карысталася прадукцыя ААТ “Чырвоны харчавік”, ААТ “Славянка”, іншых бабруйскіх прадпрыемстваў. Інтарэс выклікалі і “дажынкаўскія падворкі”. Цікавасць да “падворка” ад нашага раёна не слабела напрацягу ўсёй выставы. Яно і зразумела: майстэрства ганчарнай справы там дэманстраваў народны майстар Беларусі Ю.І. Боўда.
Алена Карпенка.
Фота Алены БЕГУНОВІЧ.